МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.​Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.​Гянко, В.​Сварыка, Р.​Пінкус, Г.​Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.​Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.​Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз. жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч. год са складанымі праграмамі з твораў І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, П.​Чайкоўскага).

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)